“Як ператварыцца ў хор?”

газета «Культура» № 11 (1034) / 17.03.2012г.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ

Рэспубліканскі конкурс: перспектыва чацвёртага

Пра тое, якім стане наступпны ІV Рэспубліканскі конкурс харавых дырыжораў, меркавалі прафесіяналы і будучыя хормайстры, якія пакуль вучацца ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах Беларусі ў час трэцяга па ліку творчага спаборніцтва.

Сёлета гэты конкурс прысвячаўся памяці Ганны Зелянковай – педагога, якая выхавала безліч славутых музыкантаў.

– Вельмі важна, – кажа старшыня журы конкурсу, народны артыст Беларусі, прафесар Міхась Дрынеўскі, – што гэты конкурс утрымлівае ў сабе не толькі творчае спаборніцтва, але і памяць пра тых, хто працаваў на гэтай ніве раней. Гэта асабліва важна для моладзі, бо дзе памяць, там і сумленне. Ганна Паўлаўна была педагогам ад Бога…

На конкурсе ж, каб выйсці ў пераможцы, удзельнікі праходзілі два туры творчых выпрабаванняў. У першым – дырыжыравалі двума творамі: адным – абавязковым, а другім – на выбар з чатырох прапанаваных. Да другога тура было дапушчана менш за палову ўдзельнікаў. Прычым твор, адзін з падрыхтаваных чатырох, замаўляла журы: такая практыка распаўсюджана на многіх дырыжорскіх конкурсах свету.

Завяршылася спаборніцтва падвядзеннем вынікаў – ва ўсіх сэнсах слова. Бо фіналам стала не толькі ўзнагароджанне (перамог Максім Барабіцкі – навучэнец Гомельскага каледжа мастацтваў імя Н.Сакалоўскага), але і, акурат пасля яго, “круглы стол”, прысвечаны праблемам харавога выхавання.

– Конкурс, – працягвае М.Дрынеўскі, – даў магчымасць не толькі абмеркаваць асаблівасці падрыхтоўкі хормайстраў, але і ўзгадаць больш шырокія праблемы, якія датычацца харавых спеваў увогуле. Цягам былых дзесяцігоддзяў у нашай краіне былі назапашаны добрыя традыцыі, звязаныя з існаваннем школ з харавым ухілам. Потым такая практыка была скасавана. Але, пэўна, наспеў час вярнуцца да яе. Заняткі музыкай не могуць перашкодзіць навучальнаму працэсу і высокім адзнакам па агульнаадукацыйных дысцыплінах, але, думаю, у стане паўплываць на выхаванне эстэтычных густаў ды маральных якасцей. Што да самога конкурсу, дык гэтую традыцыю трэба працягваць і надалей. Маладыя хормайстры павінны назапашваць вопыт – у тым ліку і конкурсных выступленняў, калі яны могуць параўнаць сябе з іншымі, пачуць меркаванні спецыялістаў, набыць новыя веды. Але ж у будучым, відаць, наўрад ці трэба выкарыстоўваць для такіх спаборніцтваў хормайстраў-пачаткоўцаў добра падрыхтаваны хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Гэты калектыў здольны выдатна праспяваць любую праграму практычна без кіраўніка. А трэба ж ацэньваць і тое, як хормайстры будуць дабівацца чысціні, зладжанасці спеваў.

Н.Б
.

 

Alma Mater
Наш учитель
Художественный руководитель
Мы в социальных сетях