Камертон Віктара Роўды

Першы адкрыты конкурс маладых харавых дырыжораў імя Віктара Роўды прайшоў у Мінску. Гэтая падзея адметная не толькі для музычнага жыцця нашай краіны, але і надзвычай значная для перспектыў развіцця прафесійнага харавога выканальніцтва і ўздыму агульнай харавой культуры ў Беларусі, адбылася па ініцыятыве педагогаў кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Тут, у сценах акадэміі, на працягу трох дзён і разгортвалася інтрыга новага творчага спаборніцтва. Час для яго правядзення абралі невыпадковы — напярэдадні чарговай гадавіны з дня нараджэння народнага артыста СССР прафесара Віктара Роўды і 75-годдзя кафедры харавога дырыжыравання БДАМ, якую без малога 45 гадоў узначальваў незабыўны маэстра.

Актыўна падтрыманыя рэктарам, арганізатары конкурсу імкнуліся ўнесці ў яго сур’ёзны, адказны прафесійны кантэкст часцінку свята. Да цырымоніі ўрачыстага адкрыцця ў харавой зале акадэміі размясцілі невялікую выстаўку: фотаздымкі Віктара Уладзіміравіча розных гадоў, у тым ліку — буйны план выразнага дырыжорскага жэсту яго рук; нотныя зборнікі, хрэстаматыі, падручнікі, над якімі ён працаваў; статуэтка “Оскара” за перамогу студэнцкага хору БДАМ пад кіраўніцтвам В. Роўды на міжнародным спаборніцтве ў Германіі, іншыя прэстыжныя прызы. А на чорнай аксамітнай сурвэтцы — уласны “інструментарый” хормайстра: вытанчаная дырыжорская палачка ды камертон. Камертон, як вядома,  — эталон вышыні пры настройцы музычных інструментаў, а таксама хору. І ў кантэксце конкурсу ён успрымаўся ўжо як сімвал пэўнага творчага,  мастацкага ўзроўню, традыцый беларускай школы харавога дырыжыравання.

Побач з гэтай экспазіцыяй усталявалі гіпсавы бюст Віктара Роўды (работа скульптара Івана Міско), які Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі напярэдадні падаравала ўдава маэстра Соф’я Ваяводская. Збіралася 86-гадовая Соф’я Антонаўна і сама паўдзельнічаць у адкрыцці конкурсу, ды з-за непагадзі давялося візіт ганаровай госці адмяніць. Але яна перадала прывітальны ліст, мудры змест якога, звернуты “да ўсіх, хто любіў Віктара Уладзіміравіча Роўду і хто яго не любіў”, быў пачуты прысутнымі ў зале.

Прысутнасць духу самога Маэстра адчувалася не толькі ў гэтых знаках памяці пра яго. На вялікім экране, размешчаным у цэнтры залы, быў паказаны фільм-маналог, створаны восем гадоў таму “Белвідэацэнтрам” да юбілею В. Роўды, — “Мая васьмідзесятая восень”. І дыскі з гэтым фільмам, у якім — і ўспаміны, і споведзь, і творчае жыццё майстра, — атрымалі ў падарунак усе ўдзельнікі конкурсу падчас рахавання: яны “цягнулі” са стала CD-дыскі і знаходзілі пад яго вечкам парадкавы нумар свайго выступлення з хорам. А квіткі з назвамі твораў, якія трэба было рыхтаваць да гэтага выступлення, маладыя дырыжоры шукалі… у прыгожых дэкаратыўных шкарпэтках, якія зазвычай напаўняюць каляднымі падарункамі для дзяцей!

У конкурсную праграму ўваходзілі складаныя ўзоры сусветнай харавой творчасці розных часоў і краін, у тым ліку беларуская музыка — харавыя апрацоўкі народных песень і “Споведзь” нашага сучасніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі прафесара Вячаслава Кузняцова (кампазітар быў запрошаны ў склад журы). Высокія патрабаванні да маладых дырыжораў па-свойму паўплывалі на колькасць спаборнікаў: да ўдзелу ў конкурсе было дапушчана 14 чалавек — з Мінска, з Гродна, з Масквы. Трое з іх не змаглі пазмагацца за перамогу: захварэлі. Але ж, вядома, не “масавасцю” вымяраецца значнасць падзей у сур’ёзным мастацтве.

Знамянальна, што канкурсанты дэманстравалі свае прафесійныя навыкі, працуючы з выдатным калектывам, шматразовым пераможцам прэстыжных міжнародных конкурсаў — студэнцкім хорам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі,  творчыя дасягненні якога —  заслуга Віктара Роўды. І ў атмасферы асаблівага, конкурснага хвалявання ды высокага натхнення праходзілі выступленні калектыву пад кіраўніцтвам маладых дырыжораў, якіх падтрымлівалі “балельшчыкі” дый проста — слухачы…

І вось журы, якое ўзначальваў дэкан вакальна-харавога факультэта, загадчык кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прафесар Валерый Аўраменка, падвяло вынікі. Цікава, што аднолькавую найвышэйшую суму балаў пасля двух конкурсных тураў набралі тры чалавекі. Гэтыя трое і сталі пераможцамі складанага музычнага спаборніцтва (прадугледжаны ўмовамі конкурсу дыплом другой ступені журы вырашыла не прысуджаць). Хто яны, лепшыя маладыя дырыжоры? Аляксей Кліманаў, Даніла Франтоў ды Марыя Янушкевіч. Усе — студэнты вакальна-харавога факультэта БДАМ. Апроч грашовых прэмій, яны атрымалі права на рэкамендацыю роднай кафедры для ўдзелу ў міжнародных конкурсах харавых дырыжораў на працягу двух бліжэйшых гадоў.

Святлана БЕРАСЦЕНЬ

Газета “Лiтаратура и мастацтва” № 43 (2009-11-28)

Categories:

Alma Mater
Наш учитель
Художественный руководитель
Мы в социальных сетях